Саш і змены
“Смерць змяняе ўсё!” – любіў паўтараць Саш. Ягоная смерць змяніла стаўленне да яго асобы. Адны паставіліся да яе, як да вялікай страты, іншыя не сталі перажываць. Здавалася б, знаёмыя, з кім Саш сядзеў за адным сталам, з кім ён размаўляў пра смак свежых шакаладных цукерак і жартаваў пра водар брэндзі бутэляванага ў Бабруйску, з кім гутарыў на патаемныя тэмы сУчаснай палітыкі, мусілі замаркоціцца. Мусілі, яле я пачуў іншае…
Культуролаг Х-р, разглядаючы дыяментавае пабліскванне гарэлкі ў стограмовай чарцы, сказаў так: “Я хацеў, каб ён здох! Ён здох! Утварылася пустата. Думалася, калі ён здохне, мне стане лягчэй, а лягчэй не стала!”
Антыквар Я-н, сёрбнуўшы кавы з вяршкамі, прагаварыў: “Ён памёр ад незапатрабаванасці. Ён пакутваў ад свайго розума. У грамадстве ён займаў не сваё месца. З ягоным інтэлктам, ён павінен быў займаць высокую пасаду, а ён кожную раніцу ўставаў і ехаў у простую школу. Памятаеш нашую апошнюю размову з ім? Ён тады і пытаўся пра запатрабаванасць. І толькі ты сказаў, што цалкам запатрабаваны, усе астатнія былі незадаволеныя сваім месцам у жыцці. Незапатрабаванасць – прычынана ягонай смерці!”
Будаўнік Ю-а, надкусіўшы пірожнае “ласунак”, паспрабаваў мяне суцешыць: “Не перажывай. Ён ставіўся да цябе не так добра, як ты думаеш. За апошні месяц, ён усім, каго бачыў, казаў, што ты пішаш дрэнь. Не пераймайся. Канешне, ягоная смерць у нейкай ступені – нечаканасць, бо ён ведаў сябе да малекулы. Ён вылічваў, што і калі трэба есці, як і колькі трэба піць. Сёння ён мог дазволіць толькі сто грамаў вермуту, бо Сірыюс заняў нейкае там месца, а заўтра можна і каньяку папіць. Такое веданне самога сябе, напэўна шкоднае. Бо яно перайшло ў разчараванне сабою і абыякавасць да жыцця. Змрочнасць ахапіла яго пасля смерці Канановіча. Сашка зрабіўся палахлівым, мніцельным, загаворваў пра Калі-югу, пра заняпад маральнасці, пра эпоху цемры, пра тое, што Канановіча прыбралі… Брэд! А ты не перажывай…”
Паліграфіст А-г, гледзячы на няспынную плынь мінакоў на праспекце, сказаў: “Я вачыма шукаю ў натоўпе ягоную кепку. Усё яшчэ шукаю ягоную кепку. Заходжу ў кавярню і шукаю вачыма ягоную лысіну. Я ніколі не задумваўся, а хто ён для мяне. Мы былі сябрамі, напэўна мы былі сябрамі… Усё! Трэба пачынаць яго забываць. Яго тут больш не будзе, ніколі. Трэба забыць”.
Лодачнік К-р, зазірнуўшы мне ў вочы, прамовіў: “Навіною пра смерць Карпейчыка ты сапсаваў мне раніцу. Не! Ты сапсаваў мне панядзелак. Не! Ты сапсаваў мне ўвесь тыдзень!”
Банкір В-я быў нечакана шматслоўным: “Жыццё – дрэнь! Што такое сорак дзевяць гадоў для чалавека? Імгненне. Сашка пражыў адно імгненне. Нам дадзена адно імгненне. Мы толькі паспяваем пакаштаваць гэтае жыццё. Пакаштаваў? І давай, і ідзі ў зямлю! Дрэнь – нашае жыццё. А, калі яно – дрэнь, дык якога чорта я буду за яго перажываць? Нашто перажываць, калі заўтра ўсё адно ў зямлю? Нават каліб нам з табою далі не сорак дзевяць, як Карпейчыку, а дзвесце гадоў? Што б змянілася? Нічога! Пакаштаваў салодкага, ням-ням-ням і няма цябе. Таму я зараз куплю кветак, сустрэнуся з жанчынай, скаджу з ёй у рэстаранчык. Калі ўсё складзецца добра, дык я з ёй і прачнуся ў сваім ложку”.
Дальнабойшчык В-ра выцер слязу, што выкацілася з пачырванелага вока, і спытаў у мяне: “Грошы на пахаванне збіралі?” – “Ня ведаю”. – “Хто Сашку хавае?” – “Мусіць, школа. А можа, брат... Пэўна, брат”.